«Методыка навучэння дзяцей беларускай мове і навыкам маўленчых зносін»

МЕТОДЫКА НАВУЧАННЯ ДЗЯЦЕЙ ДАШКОЛЬНАГА
ЎЗРОСТУ БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ І НАВЫКАМ МАЎЛЕНЧЫХ ЗНОСІН
Псіхалагічна правільным шляхам навучання дзяцей дашкольнага ўзросту беларускай мове, развіцця ў іх беларускага маўлення з'яўляецца той, які спалучае, з аднаго боку, неўсвядомленае засваенне беларускай мовы ў штодзённых зносінах (праслухоўванне і абмеркаванне мастацкіх твораў, удзел у беларускіх народных гульнях і да т.п) і з другога – спецыяльна арганізаванае навучанне ( заняткі па развіцці беларускага маўлення і маўленчых зносін).
Навучанне дзяцей беларускай мове дае станоўчыя вынікі пры строгім захаванні ў зносінах з дзіцём прынцыпу «адна асоба ў адной сітуацыі зносін- адна мова». Гэта значыць, што адзін і той жа выхавальнік можа выкарыстоўваць у зносінах з дзіцём і рускую, і беларускую мовы, але строга прытрымлівацца адной з іх на пэўных занятках, у гульнях і да т.п. або ў пэўныя дні. Такім чынам у дзяцей фарміруецца дыферэнцыраваная маўленчая ўстаноўка на выкарыстанне беларускай або рускай мовы ў адпаведных сітуацыях. Маўленчая ўстаноўка дапамагае пазбегнуць змешвання дзвюх моў у маўленчай практыцы, выступае перадумовай прадухілення і выкаранення памылак інтэрферэнцыі.
Далучаць выхаванцаў да роднага слова шляхам акультурацыі – увядзення ў нацыянальна-культурны фон беларускай мовы – неабходна як мага раней, з моманту наведвання дзіцём установы дашкольнай адукацыі. У гэтым выпадку маўленчыя механізмы, што фарміруюцца ў дзіцяці, «працуюць» не толькі на рускую, але і на беларускую мову і забяспечваюць нацыянальнае бачанне навакольнай рэчаіснасці. Ранняе ўвядзенне беларускай мовы, засваенне якой ідзе не апасродкавана, праз рускую мову, а непасрэдна, садзейнічае фарміраванню моўнамысліцельнай дзейнасці на беларускай мове.
Выхавальнік імкнецца забяспечыць дзецям радасць, задавальненне пры авалоданні беларускай мовай і захаваць станоўчую матывацыю яе засваення. Ён наладжвае асобасна значныя і эмацыянальна яскравыя зносіны на роднай мове. Асобасна арыентаваны падыход праяўляецца ў тым, што беларуская мова як другая мова для дзіцяці ўводзіцца як натуральны спосаб самавыражэння. Тады дзіця знаходзіць задавальненне ў зносінах з беларускамоўным суразмоўцам у асобасным самавызначэнні, адчуванні поспеху і прасоўванні наперад у авалоданні беларускай мовай як сродкам зносін, у апраўданым павышэнні самаацэнкі.
Паўнацэннае маўленчае развіццё дзіцяці не може ажыццяўляцца без апоры на мастацкае слова. У сучаснай сацыялінгвістычнай сітуацыі, калі дзіця часта чуе змешаную руска-беларускую гаворку, недасканалае маўленне выхавальніка, далучыць дзяцей да жывога беларускага слова, садзейнічаць засваенню выразных сродкаў роднай мовы на ўзроўні чуцця і тым самым забяспечыць узбагачэнне духоўнага свету кожнага дзіцяці магчыма толькі праз мастацкую літаратуру.
Мастацкае слова выкарыстоўваецца перш за ўсё для фарміравання ў дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту здольнасці ўспрымаць беларускую мову як родную. У атмасферу жывога беларускага слова ўводзяць малыя фальклорныя і лепшыя класічныя творы. Дзеці атрымліваюць задавальненне ад чытання мастацкага твора на беларускай мове.
Беларуская мова выступае як «мова прыемнасці» (А.А.Лявонцьеў) у працэсе гульні, якая стварае асаблівую «сферу зносін» і выклікае найбольшую ўнутраную актыўнасць у выхаванцаў. Пры гэтым пэўную сферу зносін замацоўвае для кожнай з моў прынцып «адна гульня – адна мова» : на занятках па развіцці маўлення на рускай ці беларускай мове выкарыстоўваюцца розныя гульні, што стварае неабходную маўленчую ўстаноўку на выкарыстанне той або іншай мовы.
Сродкамі беларускамоўнага развіцця выхаванцаў і навучання іх беларускай мове і навыкам маўленчых зносін выступаюць: прафесійна-маўленчая гатоўнасць выхавальніка, моўнае асяроддзе ўстановы дашкольнай адукацыі, зносіны выхавальніка з дзецьмі, гульня, мастацкая літаратура, займальны маўленчы і моўны матэрыял, навучанне ў нерэгламентаванай дзейнасці і на занятках, сумесная дзейнасць і зносіны дзяцей рознага ўзросту, вучэбныя наглядныя і вучэбна-метадычныя дапаможнікі для педпгогаў устаноў дашкольнай адукацыі.
Методыка развіцця маўлення і маўленчых зносін выхаванцаў на другой блізкароднаснай мове ўключае агульную стратэгію развіцця беларускага маўлення дзяцей дашкольнага ўзросту і ўласна методыку развіцця маўленчых навыкаў ( фанетычных, лексічных, граматычных), прадуктыўнага маўлення і фарміравання моўных ведаў і ўменняў.
Агульная стратэгія пабудовы працэсу навучання выхаванцаў беларускай мове заключаецца ў наступным. Развіццё беларускага маўлення дзяцей неабходна ажыццяўляць паэтапна, пачынаючы з паступовага ўвядзення беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці дзяцей ранняга ўзросту. Гэта робіцца з мэтай развіцця ў іх першапачатковых навыкаў разумення мовы, умення паўтараць за выхавальнікам і па меры магчымасці самастойна ўзнаўляць узоры беларускага маўлення (асобныя словы, кароткія забаўлянкі, песенькі, лічылкі і да т.п.), што служыць фарміраванню ў дзяцей пачуццёвай асновы руска-беларускага двухмоўя.
На наступным этапе працягваецца навучанне дзяцей малодшага і сярэдняга ўзросту рэпрадуктыўнаму беларускаму маўленню (пераказ, завучванне і ўзнаўленне кароткіх паэтычных твораў), ажыццяўляецца навучанне прадуктыўнаму маўленню, г.зн. уменню будаваць самастойныя па змесце і форме выказванні на беларускай мове. Нарэшце, у дзяцей старшага дашкольнага ўзросту, акрамя рэпрадуктыўнага і прадуктыўнага маўлення (з элементамі творчасці), фарміруецца пачатковае асэнсаванне некаторых асаблівасцей беларускай мовы ( фрыкатыўнае вымаўленне гукаў [г], [г'], заўсёды цвёрдае вымаўленне гука [р], наяўнасць спецыфічных сінтаксічных форм тыпу хвіліны са тры, хварэць на...і г.д.). Навучанне на кожным наступным этапе ажыццяўляецца на фоне далейшага развіцця і ўдасканалення маўленчых навыкаў дзяцей, набытых на папярэдніх этапах.
Блізкасць і частковая тоеснасць лексікі, граматыкі і фанетыкі беларускай і рускай моў, безумоўная тоеснасць структуры звязнага тэксту і сродкаў міжфразавай сувязі ў тэксце на гэтых мовах абумоўліваюць агульнасць задач развіцця маўлення дзяцей на рускай і беларускай мовах. Аднак у сітуацыі блізкароднаснага двухмоўя агульнапрынятыя задачы развіцця маўлення набываюць некаторыя спецыфічныя рысы. Гэта перш за ўсё фарміраванне ў выхаванцаў уласна нацыянальнага бачання свету.
Спецыфіка методыкі навучання выхаванцаў беларускай мове заключаецца ў абавязковым супастаўленні з'яў рускай і беларускай моў ( па-беларуску- у лісы - лісяня, а як па-руску?), каб размежаваць іх асаблівасці ў свядомасці дзіцяці. Такое супастаўленне тым больш важна, што толькі шляхам фарміравання элементарнага ўсведамлення з'яў беларускай і рускай моў і параўнання іх паміж сабой можна пазбегнуць або пераадолець інтэрферэнцыю.
Асноватворнай праблемай навучання выхаванцаў блізкароднаснай мове выступае забеспячэнне іх станоўчай матывацыяй зносін на гэтай мове. Перадумовай узнікнення ўнутранай актыўнасці дзяцей ад 3 да 4 гадоў можа быць патрэбна ў зносінах з беларускамоўным дарослым для выражэння станоўчых эмоцый, дасягнення сумеснага з ім або беларускамоўным равеснікам выніку ў практычнай або гульнявой дзейнасці.
Для дзяцей ад 4 да 5 гадоў, акрамя таго, матывуючым фактарам маўленчай дзейнасці на беларускай мове з'яўляецца патрэба ў атрыманні новай інфармацыі пазнавальнага або асабовага характару.
Для выхаванцаў ад 5 да 7 гадоў сацыяльна матываванай з'яўляецца маўленчая дзейнасць на беларускай мове ў якасці ўзору для малодшых дзяцей. У гэтым узросце актывізуючую ролю адыгрываюць і «спаборніцкія» матывы.
Методыка навучання выхаванцаў беларускай мове спалучае рысы методыкі роднай мовы і другой мовы. З дапамогай першай уводзяцца моўныя з'явы, што супадаюць у беларускай і рускай мовах. Гэта асабліва тычыцца развіцця лексічнага запасу на другой мове і вымаўленчых навыкаў. Чым больш адрозніваюцца беларуская і руская тэматычная лексіка, фанетыка, граматыка, тым большая падстава для выкарыстання методыкі навучання дзяцей другой мове. Але і ў гэтым выпадку шырокае выкарыстанне такога займальнага матэрыялу, як вершы, загадкі, прыказкі, і прымаўкі і да т. п., элементаў народных гульняў, гутарак па змесце заняткаў выключна на беларускай мове набліжае прыёмы навучання другой мове да прыёмаў навучання рускай мове.
Спецыфіка методыкі навучання блізкароднаснай мове выцякае і з факта няпоўнага двухмоўя выхаванцаў, г. зн. няздольнасці іх адключыцца ад першай мовы. Гэта робіць абавязковым супастаўленне з'яў рускай і беларускай моў, каб размежаваць іх асабівасці ў свядомасці дзіцяці. Так, у многіх выпадках паралельна са слоўнікавай работай ёсць неабходнасць весці мэтанакіраваную афраэпічную работу, каб папярэдзіць змешванне слоў, падобных па гучанні ў рускай і беларускай мовах. У гэтым выпадку асноўным метадычным прыёмам выступае параўнанне вымаўлення беларускіх і рускіх слоў (па-беларуску – гусь, гара, голуб, а як па-руску?).

АСАБЛІВАСЦІ СЛОЎНІКАВАЙ РАБОТЫ ПРЫ
НАВУЧАННІ БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ ЯК ДРУГОЙ
Аснова слоўнікаў беларускай і рускай моў агульная, таму большая частка слоў у беларускай і рускай мовах супадае па значэнні і вымаўленні ( сад, школа, стол) або словы адрозніваюцца ў вымаўленні асобных гукаў ( звярок, дзеці, гусь). І толькі 10 -20 % слоў у беларускай мове поўнасцю адрозніваюцца ад слоў рускай мовы. Гэта такія словы, як аловак, столь, працаваць, вандроўка, прыгоды, шкарпэткі, хутка і інш. Невялікую групу слоў складаюць міжмоўныя амонімы – словы беларускай і рускай моў, якія падобна гучаць, але маюць рознае значэнне ( дыван – диван, качка – качка, нядзеля – неделя, зорка – зорька, рэч – речь).
Асноўным крытэрыем для адбору слоў беларускай мовы як другой з'яўляецца іх ужывальнасць, практычная неабходнасць для зносін паміж дзецьмі і дарослымі, а таксама адпаведнасць нацыянальным моўным традыцыям.
У дзіцячым садзе з рускай мовай навучання і выхавання работа над рускім слоўнікам значна апярэджвае адпаведную работу над беларускім слоўнікам. Аб'ём апошняга міжволі будзе меншы ў параўнанні з рускім.
Магчымасць чалавека не толькі ўтрымліваць у памяці дзясяткі тысяч слоў, але і імгненна выклікаць патрэбнае слова для пабудовы выказвання тлумачыцца тым, што словы сістэматызуюцца, асацыіруюцца адно з адным па розных прыметах і напрамках, перш за ўсё па тэматыцы выказвання ( надвор'е, адзенне, святы і да т. п). Значыць, для ўзбагачэння слоўніка дзяцей трэба даваць ім сістэматызаваныя групы слоў, што максімальна аблягчае дзецям пошук патрэбнага слова для выказвання сваёй думкі ў працэсе маўленчай дзейнасці.
Паколькі слоўнікавая работа вядзецца перш за ўсё на аснове азнаямлення з наваколлем, словы натуральна аб'ядноўваюцца паміж сабой па прынцыпе сэнсавай блізкасці, напрыклад назвы жывёл, іх дзеянні, звычкі, знешні выгляд і г. д. У далейшым актывізацыя слоўніка павінна ажыццяўляцца па розных напрамках, што дазволіць дзецям міжвольна ўстанаўліваць новыя сувязі паміж словамі, істотныя для іх практычнага выкарыстання: па гукавым вобліку, па граматычных прыметах і г. д.
Тэмы заняткаў могуць быць наступныя: «Гульні і цацкі», «Сям'я», «Адзенне і абутак» і інш. Пры гэтым неабходна ўлічваць рознасць і падабенства рускіх і беларускіх слоў унутры семантычнай групы. Калі параўнаць, напрыклад, групы слоў, што аб'ядноўваюцца тэмамі «Дзікія жывёлы», «Адзенне і абутак», то відавочна: у першай групе колькасць беларускіх слоў, непадобных на словы рускай мовы, значна меншая, чым у другой. На занятках па беларускай мове семантычныя групы, падобныя на першую, трэба даваць дзецям раней.
Пры навучанні выхаванцаў другой мове на адных занятках можа быць уведзена ад 3 да 8 – 10 новых слоў. Колькасць засвоеных слоў залежыць ад метаду арганізацыі запамінання слоў, ад таго, наколькі новыя словы могуць быць аб'яднаны ў адну сэнсавую групу. Чым больш развітае беларускае маўленне выхаванцаў, тым лягчэй засвойваецца слоўнік. Па меры развіцця маўленчых зносін на беларускай мове ў дзіцяці ўзнікае патрэба ў новых беларускіх словах, якія лёгка і натуральна ўваходзяць у маўленне і трывала запамінаюцца.
Развіццё беларускага слоўніка рускамоўных дзяцей абапіраецца на агульнапрынятыя ( паказ і называнне, неаднаразовае паўтарэнне, тлумачэнне і інш.) і спецыфічныя метадычныя прыёмы, пры якіх улічваецца, з аднаго боку, тое, што дзеці разумеюць беларускае маўленне, а з другога – што ўвядзенне новага слова не заўсёды азначае азнаямленне з новым паняццем ( яно можа быць вядома дзецям на рускай мове). Асаблівасць методыкі слоўнікавай работы ў тым, што яна звязана з фарміраваннем у дзяцей асноў нацыянальнага светапогляду.
У адпаведнасці з патрабаваннямі методыкі развіцця слоўніка другой мовы сістэма слоўнікавых гульняў пабудавана па тэматычным прынцыпе. Для кожнай тэмы («Сям'я», «Свойскія жывёлы», «Дзікія жывёлы» і г. д.) распрацаваны гульні і практыкаванні.
Гульні і практывананні накіраваны, па-першае, на прабуджэнне цікавасці дзяцей да вывучэння дадзенай групы слоў і іх увядзенне, па-другое – на тлумачэнне ( семантызацыю) асобных слоў ( якія адрозніваюцца ад слоў на рускай мове) і, нарэшце, на замацаванне і актывізацыю слоў у пэўнай паслядоўнасці: пасіўнае распазнаванне слова, актыўнае распазнаванне, ўзнаўленне слова з нагляднай падказкай, узнаўленне без нагляднай падказкі, самастойнае называнне слова спачатку з выбарам, а затым без выбару.
Пры ўвядзенні тэматычнай групы слоў важна ствараць праблемныя сітуацыі, якія выклікаюць у дзяцей усвядомленае жаданне даведацца, як гэта называецца па-беларуску. Напрыклад, у цацачным магазіне працуе лялька Паўлінка, якая прадае цацкі толькі таму, хто правільна назаве іх па-беларуску.
Пры ўвядзенні новага беларускага слова неабходна пазбягаць перакладу з рускай мовы, а называць прадмет, дзеянне і г. д. адразу па-беларуску. Гэта садзейнічае развіццю моўнамысліцельнай дзейнасці на беларускай мове.
Так, калі новае беларускае слова адрозніваецца ад адпаведнага рускага, зусім няма неабходнасці іх параўноўваць. Але калі пры нагляднасці (малюнка, цацкі, прадмета, дзеяння) хто-небудзь з дзяцей, апярэджваючы выхавальніка, заяўляе, напрыклад: « А я знаю, это белочка», выхавальнік падкрэслівае: « Ты назваў звярка па-руску. А па-беларуску трэба гаварыць вавёрка. Гэта вавёрка».
Нарэшце, калі словы рускай і беларускай моў супадаюць, выхавальнік гаворыць: «І ў рускай, і ў беларускай мовах гэта цацка называецца і вымаўляецца аднолькава – кубік».
Уліваюцы блізкасць рускай і беларускай моў, абапіраючыся на пэўны слоўнікавы запас выхаванцаў, новыя словы ўводзяцца і з дапамогай тлумачэння, без паказу адпаведнага прадмета або малюнка. Гэта ў першую чаргу тычыцца тых прадметаў або з'яў, якія дзецям ужо знаёмыя, але ім невядома назва прадмета на беларускай мове. Дзеці, зразумеўшы тлумачэнне, самі знаходзяць прадмет сярод іншых. Напрыклад, пры ўвядзенні групы слоў па тэме «Адзенне» выхавальнік, выконваючы ролю прадаўца ў магазіне адзення, тлумачыць: « У нашым магазіне прадаюцца капелюшы. Капялюш надзяваюць на галаву. Яго носяць і жанчыны, і мужчыны. Летам капялюш носяць, каб сонца не напякло галаву, а ўвосень ці ўвесну – каб было цяплей. Хто хоча купіць капялюш? Пакажы яго».
Каб лексіка, якую засвойвае дзіця, не заставалася для яго чужой, важна паказаць матываванасць некаторых слоў, дапамагчы выхаванцу ўстанавіць словаўтваральныя сувязі (Чаму гэта птушка называецца певень? Якая з гэтых кветак называецца дзьмухавец? Чаму?). Такая практыка садзейнічае і лепшаму засваенню новых слоў, і фарміраванню граматычнага чуцця беларускай мовы.
У сучаснай беларускай мове ўжываюцца ўласна беларускія словы, якія сустракаліся дзецям у рускіх народных казках ( прыгожая, кліча і інш.). Пры ўвядзенні падобных слоў выхавальнік звяртаецца да вопыту дзяцей, дапамагаючы ім узгадаць іх значэнне.
Асаблівая ўвага звяртаецца на размежаванне ў свядомасці дзяцей дашкольнага ўзросту лексічнага значэння міжмоўных амонімаў, каб папярэдзіць семантычныя памылкі пры іх ужыванні. Асноўным прыёмам тут выступае параўнанне значэнняў гэтых слоў. Параўнанне праводзіцца пры дапамозе тлумачэння значэння новага слова, выканання пэўных заданняў, дадзеных на рускай і беларускай мовах («Посади куклу на диван», «Пасадзі ляльку на дыван»), а таксама ацэнкі сказаў, у якіх словы-амонімы ўжываюцца правільна і няправільна.

«БЕЛАРУСКАМОЎНАЯ» ЛЯЛЬКА
Сярод стымулаў для актывізацыі маўлення дзяцей выключнае значэнне маюць цацкі-жывёлы і лялькі, да якіх дзеці адносяцца як да жывых істот. Асабліва значная роля належыць ляльцы. Л. І. Ціхеева з гэтай нагоды пісала: «Лялька – чалавек, член калектыву маленькіх людзей, якія жывуць сваім жыццём і адлюстроўваюць жыццё-гульню ў слове. Але гэта жыццё патрабуе педагагічнага кіраўніцтва». Аўтар першай методыкі развіцця маўлення дзяцей дашкольнага ўзросту прапанавала ўвесці ў адукацыйны працэс ляльку, якая не даецца ў свабоднае карыстанне дзецям, а фігуруе толькі ў час заняткаў па азнаямленні з навакольным светам і развіцці маўлення, арганізаваных гульняў.
Аналагічным чынам для паступовага ўвядзення беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці выхаванцаў мэтазгодна выкарыстоўваць лялек-беларусаў, напрыклад дзяўчынку Арынку і хлопчыка Янку. Яны па адным або разам «прыходзяць» да дзяцей і цікавяцца іх заняткамі, гульнямі, размаўляючы толькі па-беларуску: задаюць пытанні, называюць асобныя прадметы, якія знаходзяцца ў дзяцей, выконваюць розныя дзеянні з імі, расказваюць нескладаныя гісторыі. Такім шляхам наладжваюцца сітуацыйна-дзелавыя зносіны на беларускай мове.
Маўленчыя сітуацыі, пабудаваныя на цікавасці дзяцей да лялек, ствараюць устаноўку: дзеці вучацца прыслухоўвацца да беларускай мовы, успрымаць і разумець яе. Непрыкметна ў іх фарміруецца патрэба мець зносіны на роднай мове. Падчас такіх заняткаў неадвольна засвойваецца пэўны слоўнік, спачатку пасіўны, ён паступова актывізуецца, калі дзеці пачынаюць прымаць удзел у сітуацыйным дыялогу з лялькамі і выхавальнікам. У гэтых дыялогах дзеці практыкуюцца ў вымаўленні слоў беларускай мовы, выкарыстанні некаторых граматычных форм і інш.


МЕТОДЫКА ФАРМІРАВАННЯ ГРАМАТЫЧНАГА ЛАДУ
МАЎЛЕННЯ Ў ДЗЯЦЕЙ ДАШКОЛЬНАГА ЎЗРОСТУ
Методыка развіцця маўлення разглядае пытанні засваення дзецьмі граматычнага ладу мовы, г. зн. авалодання навыкамі будаваць выказванні з выкарыстаннем аперацый словазмянення, словаўтварэння і словазлучэння.
Граматычны лад маўлення выхаванцы засвойваюць практычна, на аснове ўспрымання маўленчых узораў, якія дзеці дашкольнага ўзросту неўсвядомлена аналізуюць, і ў працэсе спецыяльна арганізаванага навучання.
Дзеці засвойваюць граматычныя формы роднай мовы ў пэўнай паслядоўнасці, якая дыктуецца патрабаваннямі зносін з дарослымі і аднагодкамі, а таксама лёгкасцю ці цяжкасцю іх засваення. Аналіз паказвае, што дзеці ідуць ад менш абстрактных, канкрэтных форм да больш абстрактных, ад простай фармальнай перадачы асаблівасцей прадметаў ( множны лік, памяншальнасць) да складанай, якая суадносіцца з прадметнай сітуацыяй (напрыклад, склонавыя формы, якія дапамагаюць выказваць веды пра арыентаванасць прадметаў у прасторы). У такой жа паслядоўнасці адпрацоўваюцца граматычныя з'явы, падбіраючы тыя, якія неабходны для маўленчых зносін, спачатку сітуацыйна-дзелавых, затым пазасітуацыйных форм.
Змест работы па фарміраванні граматычнага ладу маўлення размяркоўваецца вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі па ўзроставых групах. Падыход да граматычнай работы ва ўстанове дашкольнай адукацыі з рускай мовай навучання і выхавання заключаецца у тым, што тут вытрымліваецца строгі парадак увядзення граматычных з'яў беларускай мовы, які залежыць ад часу засваення дзецьмі тых або іншых граматычных заканамернасцей рускай мовы. Работа па развіцці рускага маўлення носіць апераджальны характар. Напрыклад, згодна з праграмай у малодшай групе выхаванцам даецца магчымасць у ходзе гульняў інтуітыўна заўважаць словаўтваральныя сувязі паміж назвамі жывёл і іх дзіцянят на рускай мове (мама котёнка – кошка, мама лисёнка — лиса). У сярэднім узросце дзеці вучацца самастойна ўтвараць назвы дзіцянят жывёл па аналогіі з вядомымі. Напрыклад, у кошки — котёнок, у козы — козлёнок. А кто у аиста? Оленя? Значыць, знаёміць дзяцей са спосабам утварэння назваў дзіцянят жывёл у беларускай мове лепш з другой паловы сярэдняй групы.
Авалоданне дзецьмі граматычнымі элементамі маўлення адбываецца на аснове фарміравання наглядных уяўленняў. Напрыклад, дзіця засвойвае назвы асобных жывёл, затым, заўважыўшы, што жывёлы адрозніваюцца па памеры, пачынае шукаць у мове спосабы адлюстравання гэтых адрозненняў. Гэта складаны шлях, на якім можна вылучыць тры этапы. Спачатку звяртаецца ўвага дзіцяці на гукавую форму слова (коцік, зайчык, вожык, мядзведзік). На другім этапе заўважаецца неўсвядомленае ўстанаўленне дзіцём агульнай гукавой формы, аднолькавай у розных словах (-ік, -ык), злучэнне гэтай формы з нейкім элементам, з'явай рэчаіснасці (маленькая істота). Нарэшце, на апошнім этапе адбываецца ўстанаўленне «жорсткай сувязі» гукавога комплексу з дадзенай з'явай і як вынік гэтага – перанос дадзенага гукавога комплексу на ўсе словы для абазначэння дадзенай з'явы ( маленькі бегемот – бегемоцік, маленькі слон – слонік).
Засвойваючы сінтаксіс, дзіця паступова «выяўляе» сінтаксічныя структуры, якія перадаюць пэўныя адносіны ( устанаўлівае месцазнаходжанне слова ў сказе, задае пытанні, адказвае, параўноўвае і г. д.).
Пры авалоданні роднай мовай, калі дзіця пастаянна чуе практычна ўвесь «набор» найбольш распаўсюджаных граматычных форм гэтай мовы, яно мае магчымасць выбіраць формы выражэння тых прымет прадметаў і з'яў, якія прывабліваюць яго ўвагу. Распрацаваныя ў традыцыйнай методыцы развіцця роднай мовы арыгінальныя прыёмы фарміравання граматычна правільнага маўлення арыентаваны, галоўным чынам, на кіраўніцтва з боку педагога працэсам афармлення граматычных абагульненняў, якія ўжо склаліся ў дзіцяці.
Выхаванцы, якія засвойваюць беларускую мову як другую, не маюць пастаяннага беларускамоўнага асяроддзя. Таму самастойнае засваенне граматычных асаблівасцей беларускай мовы ідзе вельмі марудна, нераўнамерна. Пры стыхійным маўленчым развіцці, тым больш у сітуацыі паралельнага засваення блізкіх моў, моўныя абагульненні дзяцей не заўсёды правільныя. Таму працэс авалодання граматыкай беларускай мовы трэба спецыяльна арганізоўваць.
Сістэма граматычных гульняў адпавядае вызначанай у вучэбнай праграме дашкольнай адукацыі паслядоўнасці ўвядзення граматычных з'яў і этапам фарміравання ў дзяцей уменняў змяняць словы па формах, спалучаць іх паміж сабой: першы этап – звярнуць увагу дзяцей на гукавую форму слова і зрабіць для іх відавочнай яе сувязь са змяненнем у прадметнай рэчаіснасці; другі этап – дапамагчы дзецям сфарміраваць моўнае абагульненне, г. зн. неўсвядомлена ўстанавіць той элемент слова, які ў беларускай мове выкарыстоўваецца для перадачы таго ці іншага факта рэчаіснасці; трэці этап – замацаванне засвоенай заканамернасці.
Такім чынам, фарміраванне ў выхаванцаў граматычных навыкаў беларускага маўлення патрабуе стварэння такіх гульнявых адукацыйных сітуацый, у якіх устанаўленне марфалагічных і сінтаксічных правіл адбываецца спецыяльна і мэтанакіравана ў адпаведнасці з пералічанымі этапамі авалодання граматычнымі з'явамі. Гэта значыць, спачатку трэба звярнуць увагу дзяцей на гукавую форму слова і зрабіць для іх відавочнай яе сувязь са змяненнем у прадметнай рэчаіснасці. Для гэтага неабходна стварыць праблемную сітуацыю, у якой у дзяцей узнікла б неабходнасць у разуменні і выкарыстанні адпаведнай формы слова, і даць ім як мага больш узораў гэтай граматычнай формы. Затым неабходна дапамагчы дзецям сфарміраваць моўнае абагульненне, г. зн. неўсвядомлена ўстанавіць той элемент слова, часціну мовы або прыназоўнік, які ў беларускай мове выкарыстоўваецца для перадачы таго ці іншага факта рэчаіснасці. Напрыклад, на канцы слоў, якія абазначаюць дзіцянят адпаведных жывёл трэба вымаўляць -ня ( лісяня, бусляня, ласяня); у словах тыпу кніга, бераг, калі яны перадаюць месца дзеяння або знаходжання, г змяняецца на з ( у кнізе, на беразе); пытанне часцей за ўсё пачынаецца з ці (Ці пойдзеш?.. Ці ведаеш?..). Моўнае абагульненне фарміруецца ў дзяцей падчас выканання практыкаванняў на ўтварэнне патрэбнай граматычнай формы па аналогіі з узорам, які дае выхавальнік. Важным момантам з'яўляецца параўнанне беларускай граматычнай формы з эквівалентнай рускай.
Наступны этап – замацаванне засвоенай асаблівасці ў дыдактычных гульнях і практыкаваннях. Тут роля выхавальніка заключаецца ў выпраўленні памылак у спантанным маўленні дзяцей, нагадванні вылучанай імі заканамернасці шляхам дзяцей, нагадванні вылучанай імі заканамернасці шляхам падказкі, наваднога пытання, прывядзення аналагічнай формы.
Прыведзеныя этапы фарміравання ў выхаванцаў умення правільна ўтвараць і ўжываць граматычныя формы з'яўляюцца агульнымі для ўсіх напрамкаў граматычнай работы: навучання дзяцей словазмяненню па формах, утварэнню слоў і пабудове сказаў розных тыпаў. У той жа час работа па кожным з названых напрамкаў мае і свае асаблівасці.
Неабходна прапанаваць дзецям таксама заданні ацэначнага і пазнавальнага характару: ці можна так сказаць? Чаму так называецца? Як правільна сказаць? ( Ці можна ваўка назваць Таптыгіным? Чаму Робіна-Бобіна празвалі ненаедай?).
Устанаўленне словаўтваральных сувязей, авалоданне спосабамі ўтварэння слоў садзейнічаюць лепшаму засваенню дзецьмі слоўніка. У іх фарміруецца назіральнасць, успрымальнасць да выразнасці сродкаў мовы. Гэта робіць іх маўленне больш дакладным, трапным, вобразным.

НАВУЧАННЕ ПРАВІЛЬНАМУ ВЫМАЎЛЕННЮ
СПЕЦЫФІЧНА БЕЛАРУСКІХ ГУКАЎ
У сітуацыі блізкароднасанага двухмоўя асаблівую ўвагу трэба надаваць навучанню рускамоўных выхаванцаў правільнаму вымаўленню спецыфічна беларускіх гукаў.
У залежнасці ад ступені падабенства з фанемамі рускай мовы фанемы беларускай мовы можна падзяліць на тры групы.
Да першай групы адносяцца фанемы, якія супадаюць у беларускай і рускай мовах. Гэта ўсе галосныя і пераважная большасць зычных фанем: [м], [м']; [б], [б']; [в] ,[в']; [ж], [ш] і інш.
Другую групу складаюць фанемы, якія адрозніваюцца паміж сабой у рускай і беларускай мовах тымі ці іншымі акустыка-артыкуляцыйнымі характарыстыкамі ( напрыклад, цвёдрасцю-мяккасцю): [ч'] – [ч], [г], [г'] выбухныя - [г], [г'] фрыкатыўныя, [д'] – [дз'],[т'] – [ц'],[р'] – [р] (параўнайце словы: чёрный – чорны, гриб — грыб, гимн — гімн, дети — дзеці, река – рака). Гэта тыя выпадкі, калі найбольш верагодныя памылкі інтэрферэнцыі.
Трэцяя група – гэта фанемы, аналагаў якіх няма ў рускай мове. Такіх фанем у беларускай мове дзве: [дж], [ў]. Аднак гэтыя фанемы маюць эквіваленты ў рускай мове -[ ж] ( урожай – ураджай) і [в], [ф], [л] ( правда – праўда, травка – траўка, волк – воўк ). У сваю чаргу ў рускай мове існуе гук [щ], які адсутнічае ў беларускай фанетычнай сістэме. Эквівалентам гука [щ] выступае ў беларускай мове гукаспалучэнне [шч].
Ва ўстанове дашкольнай адукацыі з рускай мовай навучання і выхавання на занятках па беларускай мове мэтазгодна працаваць толькі над гукамі другой і трэцяй груп ( астатнія гукі адпрацоўваюцца на занятках па развіцці рускага маўлення).
Фарміраванне правільнага вымаўлення таго ці іншага гука другой мовы ажыццяўляецца ў пэўнай паслядоўнасці:
1. Этап слыхавога ўспрымання, які ўключае знаёмства з новым гукам у слове і абстрагаванне гука ад слова. У гульнявой сітуацыі трэба засяродзіць увагу дзяцей на патрэбным гуку, а затым увесці яго ізалявана.
2. Пастаноўка ізаляванага гука беларускай мовы шляхам тлумачэння і па меры магчымасць дэманстрацыі яго артыкуляцыі. Паўтарэнне дзеяння ў адпаведнасці з гульнявым момантам.
3. Слыхавыя практыкаванні на распазнаванне новага гука. Дзеці вучацца распазнаваць новыя гукі беларускай мовы, якія змешваюцца ў вымаўленні з гукамі рускай мовы або падобныя на гукі беларускай мовы.
4. Узнаўленне дзецьмі новага гука (імітацыя гукавых адрозненняў у гульні).
5. Самастойнае вымаўленне новага гука ў гульні.
6. Уключэнне патрэбнага гука ў словы і фразы беларускага вуснага маўлення ў працэсе гульнявых дзеянняў.
7. Аўтаматызацыя правільнага вымаўлення гука ў беларускім маўленні.
Кожная фанетычная гульня і гульнявое практыкаванне складаюць пэўную сістэму, пабудаваную па прынцыпе ўскладнення артыкуляцыі.

РАБОТА НАД БЕЛАРУСКАЙ АРФАЭПІЯЙ
Арфаэпія — гэта сукупнасць правіл літаратурнага вымаўлення. Арфаэпічныя нормы ахопліваюць фанетычную сістэму мовы, а таксама вымаўленне асобных слоў і груп слоў.
У малодшым і сярэднім дашкольным узросце дзеці засвойваюць арфаэпічныя нормы на прыкладзе асобных слоў і іх форм. У старшым узросце ўвага дзяцей прыцягваецца да ўсвядомленага засваення некаторых правіл.
Адметнай асаблівасцю беларускага вымаўлення выступаюць так званыя аканне і яканне. Аканнем называюць супадзенне ў вымаўленні галосных [о], [э] з галосным [а] пасля цвёрдых зычных, калі з іх змяшчаецца націск ( ногі – нага; дрэмле – драмлю ). Аканне распаўсюджваецца на ўсе ненаціскныя склады. Супадзенне галосных [о], [э] з галосным [а] пасля мяккіх зычных называецца яканнем ( вецер – вятры, мёд – мядовы). Яканне распаўсюджваецца толькі на першы пераднаціскны склад. У іншых складах галосны [а] можа быць толькі тады, калі ён ёсць у аднакарэнных словах ( пяць – пятачок).
Прыметай сапраўднага правільнага беларускага вымаўлення з'яўляецца асімілятыўнае змякчэнне ў большасці выпадкаў парных па цвёрдасці-мяккасці зычных перад мяккімі зычнымі ([с']нег, [дз']веры, [ц']вёрды, [з']весці).
Характэрнай асаблівасцю беларускай арфаэпіі з'яўляецца наяўнасць падоўжаных зычных у словах пэўных тэматычных груп: у назоўніках ніякага роду ( сёння, вяселле), у творным сколе назоўнікаў жаночага роду з чыстай асновай ( цішшу, зеленню), у творным склоне лічэбнікаў ( пяццю), у назоўніках жаночага роду ( Наталля), у некаторых прыслоўях ( ноччу). Астатнія выпадкі прадстаўлены адзіночнымі словамі.
Выхавальніку трэба звяртаць асаблівую ўвагу дзяцей на асаблівасці вымаўлення спалучэнняў гукаў у розных пазіцыях слоў. Напрыклад, вымаўленне спалучэння чц як падоўжанага зацвярдзелага цц: у хустачцы [у хустаццы] і інш.
З названымі асаблівасцямі вымаўлення беларускіх слоў дзеці спачатку знаёмяцца на прыкладзе асобных слоў, якія ўваходзяць у слоўнік адпаведных заняткаў.
Найбольш распаўсюджаным прыёмам фарміравання арфаэпічных уменняў дзяцей выступае ўзор вымаўлення выхавальніка. Матываваным з'яўляецца паўтарэнне асобных слоў у гульні «Рэха»: выхавальнік вымаўляе слова гучна, а дзеці па адным – цішэй. Такую гульню можна правесці нават з выхаванцамі малодшай групы.
Для замацавання вымаўлення слоў з ненаціскным [а] можна прапанаваць выхаванцам сярэдняга і старшага ўзросту такую гульню. Дзеці хорам вымаўляюць той ці іншы склад, які заканчваецца на [а], потым адзін з дзяцей па ўказанні выхавальніка хутка называе новае слова з гэтым складам: ля-ля-ля – лясы, ля-ля-ля – лячыць. Папярэдняе вымаўленне склада, які заканчваецца на [а], стварае ў выхаванцаў устаноўку на аканне ці яканне.
У сярэднім дашкольным узросце, калі дзеці пазнаёмяцца з тэрмінам «гук», выхавальнік звяртае ўвагу на асаблівасці вымаўлення слоў з падоўжанымі зычнымі гукамі. Напрыклад, у словах пеўніка з казкі «Коцік, Пеўнік і Лісіца»: «...Нясе мяне Ліса па карчах, па каменні, па ўсякім зеллі...» выхавальнік прапануе дзецям паўтарыць гэтыя словы.
У старшым дашкольным узросце веды дзяцей замацоўваюцца і абагульняюцца. Так, абапіраючыся на набытае дзецьмі ўменне вылучаць націск у слове, ім можна растлумачыць, што ў беларускай мове ненаціскны галосны гук [а ]вымаўляецца вельмі выразна: зямля, цяпер. Гэта асаблівасць беларускай мовы.
Педагог паведамляе, што ў некаторых беларускіх словах асобныя зычныя вымаўляюцца больш працягла, чым астатнія: падарожжа, калоссе. Гэтыя зычныя называюцца падоўжанымі.
З мэтай развіцця фанематычнага слыху дзяцей выхавальнік праводзіць з імі практыкаванні на распазнаванне слоў з падоўжанымі зычнымі або з выразным ненаціскным галосным [а]. Так, можна прапанаваць знайсці словы з падоўжанымі зычнымі ў вершы:
У вароны сёння
Дзень нараджэння.
На стале ў вароны
Чай і варэнне.
Алесь Бадак.
У работу над арфаэпічна правільным маўленнем уваходзіць і практыкаванне выхаванцаў у правільнай пастаноўцы націску ў тых словах, якія падобныя на рускія: крапіва (крапива), зямлю (землю) і г. д. Гэта тыя выпадкі, дзе вельмі верагодна ўзнікненне арфаэпічнай інтэрференцыі ў маўленні дзяцей. Засваенне націску ў падобных словах і іх формах павінна быць у пэўнай меры асэнсаваным: «Ты сказаў па-руску валенки, а па-беларуску трэба сказаць валёнкі».
Выхавальнік павінен звяртаць увагу на літаратурнае вымаўленне слоў ( трамвай, а не транвай; пінжак, а не спінжак і г. д.).
Дзецям старшага дашкольнага ўзросту, якія вывучаюць беларускую мову як другую, можна прапанаваць гульню «Скажы па-беларуску», у працэсе якой замацоўваюцца і актывізуюцца вымаўленчыя навыкі дзяцей. Выхавальнік называе слова на рускай мове, а дзеці ў адказ – на беларускай. У якасці гульнявога дзеяння можна выкарыстаць перакідванне мяча. Прапануюцца толькі тыя словы на рускай мове, якія адносяцца да падобных на беларускай ( нога – нага, дети — дзеці, река – рака, печь – печ, колосья – калоссе і г. д.). Дзеці, па сутнасці, не перакладаюць словы, а асэнсавана змяняюць артыкуляцыю, вымаўляючы іх у адпаведнасці з нормамі беларускай фанетыкі і афраэпіі. Уменне выконваць такое дзеянне можна лічыць адным з крытэрыяў авалодання беларускім вымаўленнем.

МЕТОДЫКА РАЗВІЦЦЯ ПРАДУКТЫЎНАГА МАЎЛЕННЯ
ДЗЯЦЕЙ ДАШКОЛЬНАГА ЎЗРОСТУ
Сродкі міжфразавай сувязі і структура звязнага тэксту ў рускай і беларускай мовах ідэнтычныя, таму праблему стварае толькі фарміраванне ў дзяцей матывацыі маўленчай дзейнасці на беларускай мове. Найлепшы вынік дае спалучэнне гульнявой і камунікатыўнай матывацыі. Гульні, мэта якіх — развіццё звязнага беларускага маўлення выхаванцаў, паступова «вырастаюць» з тых камунікатыўна-гульнявых сітуацый, у якіх абдываецца засваенне лексічных, граматычных і фанетычных навыкаў.
У рамках вырашэння задачы развіцця прадуктыўнага беларускага маўлення дзяцей выкарыстоўваюцца гульні-інсцэніроўкі, у якіх разыгрываецца прыдуманы разам з выхавальнікам працяг знаёмага твора.
Напрыклад, пасля пераказу дзецьмі сярэдняй групы казкі «Коцік, Пеўнік і Лісіца» выхавальнік прапануе паслухаць, што было далей: «Пайшоў Коцік зноў на паляванне, а Пеўнік зачыніў за ім дзверы і пачаў абед варыць. Раптам у дзверы пастукалі. Пеўнік спужаўся, а гэта быў маленькі...» (Ставіць малюнак на фланелеграф.) - «Зайчык». - «Зайчык гаворыць...» - « Не бойся мяне, гэта я – маленькі Зайчык» і г. д. Гульні-драматызацыі па сюжэтах вершаў, беларускіх народных казак, твораў беларускіх пісьменнікаў выступаюць як прамежкавае звяно пры пераходзе ад гульнявой дзейнасці да ўласна маўленчай, ад маўлення па перайманні да прадуктыўнага маўлення, паколькі гэтыя гульні прадугледжваюць маўленчую дзейнасць па літаратурным творы і адначасова імправізаваныя дыялогі і маналогі.

Літэратура:
Н.С. Старжынская, Д.Н. Дубініна “Развіцце беларускага маўлення дашкольнікаў ад 4 да 7 гадоў”: вучэб.-метад. Дапам. Для педагогаў ўстаноў дашк. Адукацыі з рус. Мовай навучання / Н.С. Старжынская, Д.Н. Дубініна. –Мінск :Нац. ін-т адукацыі, 2016. -184с.